Версія для друку
Памер шрыфту
+
Фота
Друк

Адчужэнне прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў на бязвыплатнай аснове з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць

13.03.2019 | 16:06

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2019 г. № 169 ”Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю“ адчужэнне прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў (далей – прадпрыемствы) ажыццяўляецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Парадак падрыхтоўкі праектаў рашэнняў аб распараджэнні маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, вызначаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лiстапада 2019 г. № 767 ”Аб мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2019 г. № 169“.

У адпаведнасці з названай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь для прыняцця рашэння па гэтаму пытанню прадстаўляюцца наступныя дакументы:
  • згода прымаючага боку (дзяржаўнага органа, дзяржаўнай арганізацыі);
  • згода мясцовага выканаўчага i распарадчага органа (за выключэннем выпадкаў адчужэння прадпрыемстваў, якія знаходзяцца па-за межамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь);
  • выпіска з рэгістрацыйнай кнігі аб правах, абмежаваннях (абцяжараннях) праў на прадпрыемства (за выключэннем выпадкаў адчужэння на выплатнай або бязвыплатнай аснове з уласнасці Рэспублікі Беларусь ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак прадпрыемстваў, права ўласнасці на якія не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку);
  • бухгалтарскі баланс за апошні справаздачны год і перыяд – пры адчужэнні на бязвыплатнай аснове па балансавым кошце;
  • акт інвентарызацыі – пры адчужэнні на бязвыплатнай аснове прадпрыемстваў, права ўласнасці на якія не зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку, з уласнасці Рэспублікі Беларусь ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак;
  • інфармацыя аб аднясенні да аб'ектаў, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы;
  • дакумент, які пацвярджае дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка, або дакумент, які сведчыць асобу.
На падставе пункта 11 Палажэння аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2019 г. №169, рашэнні аб распараджэнні на бязвыплатнай аснове прадпрыемствамі, стварэнне якіх не зарэгістравана, прымаюцца на падставе дакументаў, якія адлюстроўваюць склад прадпрыемства (акта інвентарызацыі, бухгалтарскага балансу, iншых дакументаў, якiя вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь).

Дзяржаўная рэгістрацыя стварэння такіх прадпрыемстваў не з'яўляецца абавязковай.

Дзяржаўная рэгістрацыя стварэння ўваходзячых у склад такіх прадпрыемстваў аб'ектаў нерухомай маёмасці, а таксама ўзнікнення праў на іх, ажыццяўляецца тэрытарыяльнымі арганізацыямі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, праў на яе і здзелак з ёй па заяве набытчыка на падставе тэхнічнага пашпарта і перадаткавага акта прадпрыемства.

Калі выраб тэхнічнага пашпарта на перададзеныя ў складзе прадпрыемства аб'екты нерухомай маёмасці ў сувязі з іх тэхнічным станам немагчымы, дзяржаўная рэгістрацыя стварэння такіх аб'ектаў, а таксама ўзнікнення праў на іх, ажыццяўляецца адначасова пасля завяршэння іх рэканструкцыі.

У адпаведнасці з артыкулам 132 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь у склад прадпрыемства як маёмаснага комплексу ўваходзяць усе віды маёмасці, прызначаныя для яго дзейнасці, уключаючы зямельныя ўчасткі, капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), незавершаныя закансерваваныя капітальныя збудаванні, ізаляваныя памяшканні, машына-месцы, абсталяванне, інвентар, сыравіна, прадукцыя, правы патрабавання, абавязкі, а таксама правы на абазначэннi, якія індывідуалізуюць прадпрыемства, яго прадукцыю, работы і паслугі (фірменнае найменне, таварныя знакі, знакі абслугоўвання), і іншыя выключныя правы, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. 

Парадак ажыццяўлення рэгiстрацыйных дзеянняў у адносінах да прадпрыемства як маёмаснага комплексу вызначаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2004 г. № 650 ”Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку ажыццяўлення рэгiстрацыйных дзеянняў у адносінах да прадпрыемства як маёмаснага комплексу“. 

Пералік дакументаў, якія прадстаўляюцца для дзяржаўнай рэгістрацыі ў адносінах да прадпрыемства як маёмаснага комплексу, вызначаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 лютага 2012 г. № 156 ”Аб зацвярджэнні пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, унясенні дапаўнення ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2009 г. № 193 і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь“. 

Дзяржаўная рэгістрацыя прадпрыемства як маёмаснага комплексу, праў на яго і здзелак з ім ажыццяўляецца Навукова-вытворчым дзяржаўным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам ”Нацыянальнае кадастравае агенцтва“ (220005, г. Мінск, зав. Чырваназоркавы, 12). 


Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://www.gki.gov.by/by/peredacha_predpriyatii-by/
© Дзяржкаммаёмасць, 2008-2019
Рэспубліка Беларусь
зав. Чырваназоркавы, 12, 220005, г. Мінск
Выкарыстанне інфармацыі сайта ў камерцыйных мэтах магчыма толькі з дазволу Дзяржкаммаёмасці. Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта Дзяржкаммаёмасці спасылка на крыніцу абавязковая.