Настройкі
Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Вялікі водгук выклікала раней размешчаная інфармацыя рэестра адрасоў Дзяржаўнага зямельнага кадастру Аб найменнях вуліц, таму будзе працяг

Гаворка пойдзе пра цікавыя найменни населеных пунктаў - змесце адзінага рэестра адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь.

А ўтрымлівае гэты рэсурс ні многа ні мала, а каля 25 тыс. актуальных аб'ектаў, а гэта каля 17 тыс. унікальных найменняў. Гэта не толькі гарады, вёскі, сельсаветы, а яшчэ такія аб'екты, як тэрыторыі спецыяльнага рэжыму выкарыстання (Нацыянальныя паркі, помнікі прыроды, свабодныя эканамічныя зоны і інш.).

Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры падзей, якія адбываюцца ў Еўропе, таму наша краіна і багатая рознымі "цікавымі" найменнямі населеных пунктаў. Вывучэнню іх паходжання прысвечана нават цэлая навука - тапаніміка.

Даволі складана разгледзець усе назвы і выбраць самыя "асаблівыя" і "цікаўныя", бо кожнае найменне нясе ў сабе нейкую гісторыю і сувязь з тым месцам, дзе яно знаходзіцца. Вось невялікая выбарка па цікавых назвах і некаторая статыстыка.

Спіс самых распаўсюджаных найменняў населеных пунктаў:

1-ае месца - Навасёлкі - 111 шт.
2-ое - Слабада - 74 шт.
3-е - Забалоцце - 63 шт.
4-ае - Каменка - 62 шт.
5-ае - Залессе - 55 шт.
6-ае - Зарэчча - 55 шт.
7-ае - Слабодка - 49 шт.

Калі ж палічыць колькасць населеных пунктаў, назвы якіх вытворныя ад слова "Слабада", то такіх аб'ектаў наогул 215 па краіне.

Пры пераездзе на новае месца людзі перавозілі з сабой не толькі свае скарбы, але і назву сваіх родных месцаў. Адсюль у нас 262 населеныя пункты маюць у назве слова «малое» (у тым ліку вытворныя ад яго) і 210 – «вялікае» (у тым ліку вытворныя ад яго); 172 – змяшчаюць у назве слова «старое» (у тым ліку вытворныя ад яго) і 331 – «новае» (у тым ліку вытворныя ад яго). У Магілёўскай вобласці пайшлі і таго далей. Так у Шклоўскім раёне ёсць в. Вялікі Стары Шклоў і в. Малы Стары Шклоў. Або замест такіх прыметнікаў у назвах выкарыстоўваліся лічэбнікі і атрымалася, што ў рэестры 348 найменняў з выкарыстаннем лічэбнікаў. Тут лідарства ў Докшыцкага раёна: в. Чарнічка 1, в. Чарнічка 2, в. Чарнічка 3, в. Чарнічка 4.

Населеным пунктам з самым доўгім найменнем з'яўляецца в. Стараганцэвіцкая Слабада (Лагойскага раёна), якая складаецца з 23 сімвалаў, з самымі маленькімі назвамі х. Ор (Кобрынскага раёна), в. Шо (Глыбоцкага раёна), в. Яя (Браслаўскага раёна), якія складаюцца ўсяго з 2 сімвалаў.

Многія населеныя пункты атрымалі ў назве частку аб'екта, да якога раней належылі: в. 10-ы Блок-Пост (Аршанскага раёна); в. Чыгуначная Казарма (Пастаўскі раён), п. Дзяржсортучастак (Нясвіжскі раён), аг. Станцыя Ашмяны (Ашмянскі раён), х. Смолзавод (Астравецкі раён) і в. Смолзавод (Уздзенскі раён), в.Пячкавіцкі льнозавод (Мсціслаўскі раён) і в. Льнозавод (Гарадоцкі раён), в. Прыпынак (Шаркаўшчынскі раён).

У Беларусі 118 раёнаў і толькі ў Пухавіцкага раёна адміністрацыйны цэнтр не даў назву самому раёну (адміністрацыйным цэнтрам з’яўляецца г. Мар'іна Горка).

Ёсць цікавыя назвы і для падарожнікаў. Чаго ў нас толькі няма, і свой Парыж (аграгарадок у Пастаўскім раёне), і Дублін (вёска ў Браслаўскім раёне), і Балі (вёска ў Шчучынскім раёне), і Палесціна (вёска ў Астравецкім раёне), і Місуры (вёска ў Лідскім раёне). І ўсе, хто захоча, могуць патрапіць у Рай або адразу ў два Раі! Для гэтага трэба ўсяго заехаць у Ашмянскі раён (там ёсць аднайменны хутар) або Сенненскі раён (аднайменная вёска).

І гэта далёка не поўны пералік цікавых найменняў населеных пунктаў. Гэтую і іншую актуальную інфармацыю заўсёды можна паглядзець на Публічнай кадастравай карце Рэспублікі Беларусь ( http://map.nca.by/ ), вядзенне якой ажыццяўляе Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.



Апошнія навіны