Сёння на базе Праектнага інстытута «Белдзіпразем» адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы. Прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і парламентарыі абмеркавалі неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці ў частцы развіцця зямельна-інфармацыйнай сістэмы, публічнай кадастравай карты і геаінфармацыйнага рэсурсу даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
«У ходзе развіцця зямельных адносін у нашай краіне ўдалося не толькі стварыць многафункцыянальныя рэспубліканскія інфармацыйныя рэсурсы, але і паспяхова адаптаваць іх да сучасных рэалій і патрабаванняў, – адзначыў Старшыня Дзяржкаммаёмасці Дзмітрый Матусевіч, вітаючы ўдзельнікаў пасяджэння. – Зыходзячы з актуальных задач, у цяперашні час Дзяржкаммаёмасцю вядуцца работы па атрыманні на пастаяннай аснове звестак аб зямельных рэсурсах краіны пераважна ў лічбавым відзе і ў рэжыме часу, які набліжаецца да рэальнага. У гэтых мэтах створаны і паспяхова функцыянуюць у адкрытым доступе Геапартал зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, публічная кадастравая карта, на базе якіх развіваюцца інфармацыйныя слаі з прасторавымі звесткамі, запатрабаванымі як дзяржаўнымі органамі, так і радавымі спажыўцамі», – рэзюмаваў Дзмітрый Матусевіч.
У сваю чаргу Старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Мікалай Шаўчук падкрэсліў, што станаўленне і паляпшэнне зямельных адносін у Рэспубліцы Беларусь належыць да актуальных інтарэсаў нашага грамадства, таму Пастаяннай камісіяй удзяляецца гэтаму асобая ўвага.
У ходзе пасяджэння дэпутаты таксама азнаёміліся з механізмам стварэння, вядзення, абнаўлення і атрымання звестак з Геапартала зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь.