08.09.2020
Аб'яўлены аўкцыён па продажы гістарычнага будынка ў цэнтры Мінска

Камітэтам «Мінскгармаёмасць» аб'яўлены аўкцыён па продажы будынка, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прадметам таргоў стане незавершанае закансерваванае капітальнае збудаванне на вул. Рэвалюцыйнай, 24а, а таксама права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0,0587 га, неабходнага для яго абслугоўвання. Агульная плошча недабудаванай (гатоўнасць – 30 %) дзяржаўнай маёмасці складае 2 574 кв.м. Пачатковы кошт аб'екта – больш 3,8 млн. бел. руб.
Трэба адзначыць, што рэканструкцыя дома праводзілася ў 2004 годзе з надбудовай мансардавага паверха, а таксама ў 2010 годзе. Былі ўжо няўдалыя спробы замежнага інвестара пабудаваць тут шасціпавярховы апарт-гатэль з нумарамі-кватэрамі павышанай камфортнасці для доўгатэрміновай здачы ў арэнду ў стылі забудовы цэнтра Мінска ХIХ – пач. ХХ стагоддзя. Тэрміны здачы аб'екта неаднаразова пераносіліся. У 2017 годзе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адабраў аб'ект у камунальную ўласнасць па прычыне невыканання забудоўшчыкам узятых на сябе абавязацельстваў, а ў чэрвені 2018-га будоўля была закансервавана. Зараз цагляны будынак без даху складаецца з 5 надземных і 2 падземных паверхаў.
Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Мінская спадчына», якому належыць дом, праводзіла таксама аўкцыён на права рэканструкцыі і арэнды першага і другога паверхаў дадзенага дома. Планавалася, што тут адкрыюць рэстаран, аднак жадаючых адрэстаўраваць будынак за свой кошт і арандаваць яго не знайшлося.
Таргі будуць праведзены на электроннай гандлёвай пляцоўцы ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» 30 верасня ў 10.00.
Апошнія навіны