11.01.2021
Новае ў заканадаўчым рэгуляванні сумеснага домаўладання

У мэтах удасканальвання адносін па сумесным домаўладанні прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сумесным домаўладанні», якім Закон Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 1998 г. № 135-З «Аб сумесным домаўладанні» выкладзены ў новай рэдакцыі.
Захоўваючы, у асноўным, падыходы да рэгулявання адпаведных адносін гэты Закон утрымлівае дадатковыя механізмы і гарантыі, якія забяспечваюць эфектыўнае кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання, захаванасць такой маёмасці і належную яго эксплуатацыю.
Так, да сферы рэгулявання Закона аднесены нежылыя капітальныя збудаванні, у якіх размешчаны ў тым ліку і жылыя памяшканні. У цяперашні час у рэспубліцы больш за 700 такіх збудаванняў. Пры гэтым Урад Рэспублікі Беларусь надзяляецца кампетэнцыяй вызначыць асаблівасці нясення ў такім выпадку расходаў на ўтрыманне агульнай маёмасці сумеснага домаўладання.
У Законе знайшла прамое замацаванне норма аб тым, што яго дзеянне не распаўсюджваецца на дзейнасць гаражных кааператываў і кааператываў, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных стаянак.
Істотную карэкціроўку зазнаў паняційны апарат. Так, напрыклад, да ўдзельнікаў сумеснага домаўладання аднесены асобы, якія фінансавалі будаўніцтва ізаляваных памяшканняў у нежылым капітальным збудаванні, але не аформілі правы на іх.
Узнікненне адносін па сумесным домаўладанні звязваецца не з момантам афармлення права ўласнасці на размешчаныя ў капітальным збудаванні памяшканні, а з датай дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння збудавання, у якім асобныя памяшканні будуць знаходзіцца ва ўласнасці розных асоб. Гэта дазволіць ускласці абавязак па нясенні расходаў на ўтрыманне агульнай маёмасці сумеснага домаўладання таксама на асоб, якія ўхіляюцца ад афармлення права ўласнасці на пабудаваныя імі памяшканні.
Законам таксама прадугледжана, што ў выпадку замацавання ўласнікам ізаляваных памяшканняў за іншым суб'ектам гаспадарання на праве гаспадарчага вядзення або аператыўнага кіравання, несці расходы і ўдзельнічаць у кіраванні агульнай маёмасцю будзе непасрэдна гэты суб'ект гаспадарання.
Мяняюцца таксама падыходы да выбару спосабу кіравання агульнай маёмасцю. Калі ў цяперашні час магчымасць кіравання агульнай маёмасцю ўдзельнікамі сумеснага домаўладання непасрэдна без стварэння юрыдычнай асобы абмежавана пяццю памяшканнямі ў нежылым капітальным збудаванні, то Законам такая магчымасць прадугледжваецца для выпадкаў, калі ўсе ізаляваныя памяшканні ў капітальным збудаванні належаць не больш чым пятнаццаці ўласнікам.
Дадзены спосаб кіравання ў адпаведнасці з Законам таксама як і іншыя спосабы кіравання можа быць абраны кваліфікаванай большасцю ўдзельнікаў сумеснага домаўладання, а не аднагалосна ўсімі.
Пашыраецца пералік спосабаў кіравання агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання і прадугледжваецца магчымасць заключаць дагавор на кіраванне гэтай маёмасцю па ўстаноўленай Урадам Рэспублікі Беларусь форме з камерцыйнай арганізацыяй, якая адпавядае ўстаноўленым Законам патрабаванням.
Вызначаны парадак і выпадкі прызначэння мясцовым выканаўчым камітэтам упаўнаважанай асобы па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання. Адпаведныя паўнамоцтвы будуць рэалізоўвацца выканкамамі толькі ў выпадку, калі ўдзельнікамі сумеснага домаўладання па сканчэнні 8 месяцаў з моманту ўзнікнення сумеснага домаўладання не быў выбраны спосаб кіравання агульнай маёмасцю або калі не забяспечваецца належная захаванасць і эксплуатацыя агульнай маёмасці.
Прызначэнне выканкамамі ўпаўнаважаных асоб будзе ажыццяўляцца па выніках адкрытага конкурсу, а калі ён не адбудзецца, то з ліку арганізацый, уключаных у спецыяльны рэестр.
Акрамя таго, выключаецца магчымасць стварэння двух і больш таварыстваў уласнікаў па кіраванні нерухомай маёмасцю ў адным капітальным збудаванні.
Законам урэгуляваны шэраг прынцыповых пытанняў, якія адсутнічаюць у дзеючым заканадаўстве, – правы і абавязкі ўдзельнікаў сумеснага домаўладання, гарантыі на атрыманне імі інфармацыі аб дзейнасці асоб, упаўнаважаных на кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання, а таксама на атрыманне дакументаў, звязаных з дзейнасцю па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання.
Урэгуляваны пытанні па нясенні расходаў па эксплуатацыі месцаў агульнага карыстання ў нежылым капітальным збудаванні, якое знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, калі асобныя памяшканні, размешчаныя ў такім збудаванні, перададзены розным юрыдычным асобам на праве гаспадарчага вядзення (аператыўнага кіравання) і адносіны па сумесным домаўладанні не вынікаюць.
Апошнія навіны