Настройкі
Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Прадстаўнікі Дзяржкаммаёмасці далі каментацыі па новаўвядзеннях Указа №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканальванні работы з пустуючымі дамамі»

Намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай Бобер і намеснік начальніка юрыдычнага ўпраўлення – начальнік аддзела прававога забеспячэння зямельных адносін, геадэзіі і картаграфіі Вікторыя Верына прынялі ўдзел у прэс-канферэнцыі БЕЛТА, дзе расказалі аб новаўвядзеннях Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканальванні работы з пустуючымі  дамамі».

«Падрыхтоўка ўказа вялася па даручэнні Кіраўніка дзяржавы і была накіравана на стварэнне спрыяльных умоў у сельскай мясцовасці для адчужэння жылых дамоў, а таксама дзейсных механізмаў па рабоце з пустымі дамамі», – сказаў Мікалай Бобер.

Указ можна падзяліць на два блокі. Першы датычыцца работы, звязанай з адчужэннем жылых дамоў у сельскай мясцовасці. У гэтай частцы істотна спрошчаны парадак адчужэння грамадзянамі прыналежных ім жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах і гарадах раённага падпарадкавання, якія былі пабудаваны да 8 мая 2003 года. Адчужацца такія дамы могуць без наяўнасці правазасведчвальных дакументаў на іх пры ўмове ўнясення звестак аб жылых дамах у пагаспадаркавую кнігу сельскага (пасялковага) выканаўчага камітэта або іх узвядзення на зямельных участках, прадастаўленых у адпаведнасці з заканадаўствам (незалежна ад дзяржаўнай рэгістрацыі праў на гэтыя ўчасткі). «Гэтага дастаткова, каб грамадзянін скарыстаўся працэдурай, у рамках якой ён на падставе простага дагавора куплі-продажу, складзенага і зарэгістраванага ў адпаведным мясцовым органе выканаўчай улады, змог прадаць жылы дом пакупніку», – адзначыў намеснік старшыні камітэта.

Рэгістраваць дагаворы адчужэння будуць выканкамы па месцы знаходжання жылых дамоў без спагнання платы, а афармляць правазасведчвальныя  дакументы на іх і зямельныя ўчасткі павінны будуць пакупнікі на працягу года. «Атрымліваецца, да мінімуму зведзены затраты часу і сродкаў як з боку таго, хто прадае, так і з боку таго, хто купляе», – падкрэсліў Мікалай Бобер.

Ён адзначыў, што ва ўласнасць дом пераходзіць з моманту заключэння дагавора куплі-продажу і заняцця зямельнага ўчастка. «У адпаведнасці з указам работы па рэканструкцыі дома не лічацца работамі, звязанымі з самавольным заняццем зямельнага ўчастка. Грамадзянін на працягу года спакойна можа займацца рэканструкцыяй дома і гэтым зямельным участкам без абавязковай рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку правазасведчвальнага  дакумента», – паясніў намеснік кіраўніка ведамства.

Другі блок звязаны з адчужэннем, а менавіта работай з пустуючымі дамамі. «Зараз на тэрыторыі Беларусі налічваецца каля 7 тыс. пустуючых дамоў. Калі браць па рэгіёнах, то больш за ўсё такіх дамоў знаходзіцца ў Гомельскай вобласці (каля 30%), у астатніх абласцях яны размеркаваны ў роўных долях (недзе 13-15%). Наша мэта – стварыць максімальна празрыстыя ўмовы па рабоце з такімі дамамі, а менавіта аб прызнанні іх пустуючымі з наступнай іх рэалізацыяй», – сказаў Мікалай Бобер.



Указам таксама забяспечваецца стварэнне ўмоў для ўцягнення ў абарот жылых дамоў, якія пустуюць тры гады і больш або знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама займаемых імі зямельных участкаў. Прадугледжаны адпаведны алгарытм работы выканкамаў па выяўленні такіх дамоў і ўключэнні іх у Адзіны рэестр пустуючых дамоў. «З 1 студзеня 2023 года плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю Адзінага рэестра пустуючых дамоў. Гэта будзе адзіная база даных, доступ да якой будзе забяспечаны ўсім жадаючым на бязвыплатнай аснове. Там будзе акумулявацца інфармацыя ад выканкамаў у рэжыме рэальнага часу па меры паступлення такіх аб'ектаў на ўлік. Максімальна ўсё будзе візуалізавана  – будзе відаць месцараспалажэнне, стан аб'екта, яго характарыстыкі», – расказаў намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці.

Пустуючыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, змогуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння кошту да адной базавай велічыні. Аблвыканкамы надзяляюцца правам вызначаць населеныя пункты, на тэрыторыі якіх пустуючыя дамы могуць быць прададзены адразу за адну базавую велічыню. Пакупніку такога дома па яго заяве даецца растэрміноўка аплаты на тэрмін да трох гадоў без індэксацыі выплат.

Знос непрыдатных  для выкарыстання пустуючых дамоў не вышэйшых за два паверхі дапускаецца без распрацоўкі адпаведнай праектнай дакументацыі.

Па матэрыялах БелТА


Апошнія навіны