01.07.2021
Продажы невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці ў Віцебскай вобласці ўстойліва растуць

У Віцебскай вобласці за студзень–чэрвень 2021 года на аўкцыёнах камітэта «Віцебскаблмаёмасць» прададзены 59 невыкарыстоўваемых аб'ектаў камунальнай і рэспубліканскай уласнасці. Гэта амаль на 7,3% больш, чым у першым паўгоддзі 2020-га.
Усяго за шэсць месяцаў прададзена будынкаў і збудаванняў на суму больш за Br1,7 млн, што прыкладна на 22,4% перавышае выручку за аналагічны перыяд 2020 года.
У апошнія пяць гадоў у рэгіёне ўстойліва растуць продажы невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці на аўкцыёнах камітэта: калі па выніках 2015 года новых уласнікаў знайшлі 76 збудаванняў, то за 2020-ы – 140 аб'ектаў нерухомай маёмасці. У цяперашнім годзе тэндэнцыя захоўваецца. Пры гэтым павелічэнне продажаў нарастае ад месяца да месяца, а самым выніковым стаў чэрвень, калі прададзена 20 будынкаў.
У цяперашнім годзе захоўваюцца і пакупніцкія перавагі. Інвестары звяртаюць увагу перш-наперш на нерухомую маёмасць, якая выстаўляецца на таргі з пачатковым коштам продажы ў адну базавую велічыню (удзельную вагу рэалізаваных такім чынам аб'ектаў – 58%), а таксама з патанненнем на 80% (30,5%).
Як і раней, попытам карыстаюцца будынкі вытворчага прызначэння, якія былі аб'ектамі сістэмы адукацыі і дашкольнага выхавання, клубы і бібліятэкі. Так, за шэсць месяцаў пакупнікі набылі 19 былых школ і дзіцячых садоў у сельскай мясцовасці – столькі ж аб'ектаў адукацыі і выхавання рэалізавана за ўвесь 2020-ы. Акрамя таго, упершыню атрымалася прадаць нерухомую маёмасць на аўкцыёне за базавую велічыню пад знос і далейшую рэкультывацыю зямельнага ўчастка ў адпаведнасці з указам №169.
Сёлета ўдалося знайсці ўласнікаў на тры збудаванні з дзяржаўнага спіса гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта будынкі былога навучальнага корпуса 1917 года пабудовы ў Оршы і графскай канюшні сярэдзіны XIX стагоддзя ў Глыбоцкім раёне, а таксама былы двор віцебскага губернскага прадвадзіцеля дваранства Аляксандра Рымскага-Корсакава ў Полацкам раёне. У спісе аб'ектаў на продаж у ліпені таксама ёсць гістарычная нерухомая маёмасць: станцыйны дом з флігелем і карэтнай у Гарадоцкім раёне і былая паштовая станцыя ў Аршанскім раёне.
Усяго на таргі ў ліпені выстаўлена больш за 40 аб'ектаў, у тым ліку каля 10 збудаванняў сістэмы адукацыі і культуры на сяле, а таксама шасціпавярховая гасцініца ў Оршы плошчай амаль 5 тыс. кв.м.
Апошнія навіны