Настройкі
Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Спецыялісты Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ганараваны прэміяй імя Ф.М.Красоўскага

18 чэрвеня 2019 г. у Дзяржаўным камітэце па маёмасці прадстаўнікі міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі ”Расійскае таварыства геадэзіі, картаграфіі і землеўпарадкавання“ уручаць прэмію імя Ф.М.Красоўскага спецыялістам сістэмы Дзяржкаммаёмасці.

Прэмія імя Феадосія Мікалаевіча Красоўскага (1878–1948 гг.) – савецкага астранома-геадэзіста, член-карэспандэнта АН СССР (1939 г.) прысуджаецца МГА ”Расійскае таварыства геадэзіі, картаграфіі і землеўпарадкавання“ вучоным і спецыялістам вытворчасці за буйныя навуковыя даследаванні, вынаходствы, канструктарскія, тэхналагічныя, арганізацыйна-эканамічныя распрацоўкі і дасягнутыя пры іх асваенні вытворчыя вынікі, а таксама за буйныя навучальна-метадычныя распрацоўкі ў геадэзіі і картаграфіі расійскім і замежным вучоным, спецыялістам і калектывам.

У 2018 г. прэміяй адзначана работа ”Распрацоўка, стварэнне і ўкараненне спадарожнікавай сістэмы дакладнага пазіцыянавання Рэспублікі Беларусь“, якой ганараваны:
Сяргей Аляксандравіч ЗАБАГОНСКІ – дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства ”Белгеадэзія“, кіраўнік работ; 
Андрэй Анатолевіч ГАЕЎ – Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;
Георгій Іванавіч КУЗНЯЦОЎ – Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці (з 1995 па 2014 г.);
Аляксандр Віктаравіч ЛІТРЭЕЎ – намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;
Уладзімір Рыгоравіч ВЕЖНАВЕЦ – начальнік упраўлення геадэзіі і картаграфіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;
Валерый Міхайлавіч КРАСУЦКІ – начальнік аддзела сістэм высокадакладнага пазіцыянавання дзяржаўнага прадпрыемства ”Белгеадэзія“;
Надзея Ільінічна РУДНІЦКАЯ –  начальнік аддзела фарміравання і вядзення базы геадэзічных даных дзяржаўнага прадпрыемства ”Белгеадэзія“, кандыдат тэхнічных навук;
Уладзімір Мікалаевіч ШАЎЧЭНКА – дырэктар прадпрыемства ”Белаэракосмагеадэзія“ (з 2005 па 2012 г.), пасмяротна.

Беларускі калектыў стаў першым замежным калектывам, які ўдастоены гэтай узнагароды. 

Прэмію ўручаць Леанард Іосіфавіч ЯБЛОНСКІ – намеснік дырэктара па навуковай рабоце Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі Навуковы геаінфармацыйны цэнтр Расійскай акадэміі навук; першы намеснік старшыні цэнтральнага праўлення МГА ”Расійскае таварыства геадэзіі, картаграфіі і землеўпарадкавання“ і Рынат Закуілавіч АБДРАХМАНАЎ – саветнік генеральнага дырэктара ААТ ”Роскартаграфія“; член цэнтральнага праўлення МГА ”Расійскае таварыства геадэзіі, картаграфіі і землеўпарадкавання“.

Рашэнне прысудзіць узнагароду Расійскага таварыства геадэзіі, картаграфіі і землеўпарадкавання за 2018 год беларускаму калектыву было прынята аднагалосна цэнтральным праўленнем таварыства. 

Спадарожнікавая сістэма дакладнага пазіцыянавання Рэспублікі Беларусь (ССДП) уключае ў сябе 98 пастаянна дзеючых пунктаў, што забяспечвае 100 % пакрыццё тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 

Каардынаты пастаянна дзеючых пунктаў (ПДП) вызначаны ў Міжнароднай зямной адліковай сістэме ITRS International Terrestrial Reference System (ITRF2005) – агульназямной геацэнтрычнай сістэме каардынат, якая падтрымліваецца Міжнароднай службай кручэння Зямлі і з'яўляецца адкрытай. 

ПДП размешчаны на будынках дзяржаўных устаноў, што забяспечвае іх захаванасць, кругласутачную работу і бесперабойнае электрасілкаванне.

З прымяненнем ССДП з высокай дакладнасцю могуць выконвацца геадэзічныя, кадастравыя і землеўпарадкавальныя работы, навігацыя ўсіх відаў, глабальная і рэгіянальная геадынаміка, аэра і касмічныя здымкі, геадэзічнае забеспячэнне разведкі і здабычы карысных выкапняў, імгненны маніторынг надзвычайных сітуацый, дыспетчарызацыя службаў аператыўнага рэагавання (аварыйных, пажарных, хуткай дапамогі, міліцыі і. г.д.), аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, будаўніцтва і эксплуатацыя газанафтатранспартных камунікацый, пуцеправодаў, ліній электраперадач і другіх інжынерных аб'ектаў, маніторынг дэфармацыі будынкаў і збудаванняў, тэхнагенных з'яў, задачы ў сістэмах падтрымкі прыняцця рашэнняў у інтарэсах абароны, дзяржаўнага кіравання, для забеспячэння маніторынгавых, навігацыйных сістэм. 

Перспектыўны і важны напрамак – даванне паправак для дакладнай навігацыі, у тым ліку для аператыўных службаў (метровай  дакладнасці), дакладнага земляробства (дэцыметровай дакладнасці і сантыметровай дакладнасці для вузкарадковай апрацоўкі).

ССДП рэалізуе рэжым рэальнага часу (RTK) і постапрацоўкі. Рэжым рэальнага часу дазваляе вызначаць (у межах адной – дзвюх хвілін пасля ўстаноўкі спадарожнікавага прыёмніка на вызначаемай кропцы) каардынаты аб'екта з памылкай 2 см у плане і 3 см па вышыні адносна бліжэйшых ПДП. 

У рэжыме постапрацоўкі для вылічэння месцараспалажэння кропак даныя з ПДП аб'ядноўваюцца з данымі  карыстальніка. Дакладныя і часовыя характарыстыкі ССДП у рэжыме постапрацоўкі – вызначэнне каардынат кропак у статычным рэжыме з хібай  1,5 см у плане і 2 см па вышыні пры часе назіранняў 1 гадзіна пры адлегласцях да 20 – 30 км адносна бліжэйшага ПДП.


Апошнія навіны